КАНЕ́ЧНЫ АЎТАМАТ,
матэматычная мадэль сістэмы, якая пераўтварае дыскрэтную інфармацыю і мае канечны фіксаваны аб’ём памяці; важнейшы від кіравальных і вылічальных сістэм. Мае ўваходны і выхадны каналы і ў кожны дыскрэтны (тактавы) момант часу знаходзіцца ў адным з унутр. станаў з пэўнага канечнага набору (мноства).
У кожны тактавы момант часу на ўваход падаецца некаторы сімвал уваходнага канечнага алфавіта, аўтамат выдае адпаведны выхадны сімвал (вызначаецца функцыяй выхаду) і пераходзіць у інш. ўнутр. стан (вызначаецца функцыяй пераходу). Найб. важныя кірункі тэорыі К.а. — сінтэз надзейных элементаў сістэм і даследаванне паводзін К.а. ў выпадковых асяроддзях; яе метады выкарыстоўваюцца пры праектаванні дыскрэтных прылад і прыстасаванняў, напр., лічбавых ЭВМ, у біялогіі, псіхалогіі і інш. Гл. таксама Аўтаматаў тэорыя.
А.Дз.Закрэўскі.
т. 7, с. 584
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)